Кудрын: Нам хацелася б дапамагчы Беларусі. Але...
Расія разам з МВФ гатовая аказаць дапамогу Беларусі, але толькі ў тым выпадку, калі беларускі ўрад пойдзе на рэформы.
Пра гэта заявіў 15 красавіка кіраўнік Мінфіна Расіі Аляксей Кудрын, перадае РИА Новости.
Кудрын нагадаў, што раней МВФ прапаноўваў Беларусі праграму дапамогі, якая грунтавалася на канкрэтных і досыць жорсткіх рэформах.
"Праграма была жорсткай, нават больш жорсткай, чым мы маглі б папрасіць — гэта і замарожванне заробкаў, і скарачэнне расходу бюджэту, і падвышэнне тарыфаў на энерганосьбіты ўнутры краіны. Але ўраду Беларусі здалося, што яны перажылі праблемы, і пасля завяршэння праграмы перайшлі тыя абмежаванні, якія ствараліся гэтай праграмай. Нам хацелася б дапамагчы Беларусі. Мы лічым, што гэтыя важныя рэформы мусяць быць прадстаўленыя ў праграме ўрада Беларусі, і тады Расія возьме ўдзел у падтрымцы", — сказаў міністр, выступаючы на форуме па расійска-амерыканскіх адносінах.