Леанід Заіка: Дагуляліся — неабходная дэвальвацыя

Такое меркаванне выказаў 23 сакавіка ІА REGNUM беларускі эканаміст Леанід Заіка.

"Тут трэба казаць не пра эканамічныя праблемы, а пра палітычныя праблемы снежня 2010 года. Дапушчаная прынцыповая памылка павелічэння рублёвай масы і павелічэння прыбыткаў насельніцтва. Калі быў павялічаны сярэдні заробак да 500 долараў, то эканоміка гэтага не вытрывала. Таму сёння неабходная дэвальвацыя. Дагуляліся. Неабходна ўсталяваць курс долара на ўзроўні 3600-3700 рублёў. Тады сярэдні заробак вернецца да 350 долараў. Нацбанк — не фокуснік і не ФРС ЗША, надрукаваць долары не можа", —  сказаў Заіка.

На думку эксперта, попыт на замежную валюту ў насельніцтва справакавалі не толькі апошнія рашэнні Нацбанка, але ўся стратэгія ўрада папярэдняга перыяду. "Мы не прадалі тавараў на экспарт столькі, каб зарабіць дастатковы аб'ём валюты. Яна з'явіцца ў абменных пунктах тады, калі Аляксандр Лукашэнка прадасць калійны камбінат ці аналагічныя прадпрыемствы. Зараз кіраўніцтву краіны трэба шчыра прызнацца: замежнай валюты няма. І асабіста я быў бы нямала здзіўлены, калі б развіццё сітуацыі было іншым", —  падсумаваў Заіка.