Літоўцы сталі радзей жаніцца з беларускамі
Колькасць літоўска-беларускіх шлюбаў скарацілася амаль удвая, сведчаць апошнія звесткі Дэпартамента статыстыкі Літвы.
Паводле гэтых дадзеных, у 2010 годзе ў міжнародных шлюбах з літоўскімі мужчынамі лідыравалі расійскія жанчыны — 405 грамадзянаў Літвы ў якасці спадарожніц жыцця абралі сабе расіянак. Годам раней такіх шлюбаў было на 10% меней — 365, перадае Delfi.lt.
Амаль не змяніўся інтарэс мужчын Літвы да ўкраінак — летась пабраліся шлюбам 125 літоўска-ўкраінскіх пар, годам раней — 120.
Затое значна панізіўся градус кахання літоўскіх мужчын у адносінах да беларусак. Калі ў 2009 годзе пабраліся шлюбам 240 літоўска-беларускіх пар, то ў 2010 годзе — усяго 130.