Літва адмовіла беларускаму эмігранту ў шэнгенскай візе

У сваёй адмове літоўскія дыпламаты патлумачылі: інфармацыйная служба Нацыянальнай Бяспекі лічыць, што Высоцкі пагражае інтарэсам Літвы.

Сам Высоцкі адмову звязвае з тым, што актывісты партыі выступаюць супраць пабудовы Вісагінскай АЭС. У кастрычніку ў Літве праходзіў рэферэндум па будаўніцтве АЭС. На ім 65% грамадзян выказаліся супраць АЭС. Магчыма, літоўскія службы баяліся, што Высоцкі мог арганізаваць ці далучыцца да акцыяў пратэсту супраць будаўніцтва АЭС.

Таксама Высоцкі мяркуе, што адмова ў выдачы візы звязаная з запытам, які ён даслаў літоўскім уладам. Праз партнёрскую Кансерватыўную партыю і праз Партыю народнага саюзу ён запытаўся ў літоўскага Мінюста, якія грашовыя сумы выдаткоўваюцца на падтрымку беларускай дэмакратыі, якія літоўскія арганізацыі заангажаваныя ў размеркаванне сродкаў і хто з беларускага боку атрымлівае гэтую падтрымку.

Высоцкі: "На наш зварот разам з дэпутатам Казімірам Уока ў Мінюст Літвы на прадмет фінансавання беларускай дэмакратыі з боку Літоўскай Рэспублікі: куды выдзяляюцца грошы, каму, на якіх падставах, якія вынікі дасягнуты, — мы сустрэлі неадназначную рэакцыю".

Як паведаміў Высоцкі ў каментары Еўрарадыё, забарону на ўезд у Літву да 12 снежня гэтага году атрымалі болей за 40 актывістаў Беларускай партыі свабоды.

Фота — nashaziamlia.org