Літва знаёміць Еўрасаюз з атамнымі планамі Беларусі
Старшыня Сойма Літвы на сустрэчы кіраўнікоў парламентаў краін Еўрасаюза ў Брусэлі выказала заклапочанасць планамі Беларусі і Расіі пабудаваць АЭС ля межаў Літвы.
На сустрэчы кіраўнікоў парламентаў краін Еўрасаюза ў Брусэлі спікер Сойма Літвы Ірэна Дзягутэне заклікала суседнія дзяржавы імкнуцца, каб развіццё атамнай энергетыкі праводзілася паводле асабліва жорсткіх патрабаванняў. Як паведамляе ІА REGNUM, у распаўсюджанай 4 красавіка заяве Дзягутэне гаворыцца, што, на яе думку, будаўніцтва АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі нясе пагрозу для Літвы.
"Беларусь плануе пабудаваць электрастанцыю ўсяго ў 50 км ад нашай сталіцы Вільні, а ў Калінінградзе АЭС будзе ў 100 км ад трэцяга па велічыні нашага горада — Клайпеды", — сказала спікер. Яна падкрэсліла, што Літва неаднаразова звярталася да Беларусі з заклікамі прытрымлівацца міжнародных стандартаў і апублікаваць інфармацыю пра планаванае будаўніцтва, аднак, згодна з яе словамі, належнага адказу Літва ад афіцыйнага Мінска так і не атрымала.