Лукашэнка: Еўрапейцы прызнаюць сваю няслушнасць
"У адносінах з ЕС узяты тайм-аўт", — заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння ў Пасланні. Аднак, на яго думку, "тайм-аўт доўга не працягнецца".
Паводле Лукашэнкі, тыя краіны Еўрасаюза, якія шануюць добрасуседства, "цудоўна разумеюць бесперспектыўнасць ізаляцыі нашай дзяржавы і яе адхілення ад вырашэння галоўных для ўсяго кантынента пытанняў".
"Нашая краіна ўспрымальная да універсальных еўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва з тымі, каму не патрэбны пажар у суседа, небяспечны для іх саміх", — лічыць ён.
"Што нас сёння за вынікі кляймуюць? Гэтая тэма даўно сама па сабе сышла, тым самым яны прызналі, што прэзідэнцкія выбары адпавядаюць дэмакратычным стандартам, што б яны ні пісалі. Яны нас б'юць за тое, што гэта дыктатар разагнаў людзей, што штурмавалі Дом урада. А яны што б рабілі ў гэтай сітуацыі?", — заявіў Лукашэнка.
"Мы павінны быць гатовыя да таго моманту, што еўрапейцы публічна або не публічна фактычна прызнаюць сваю няслушнасць, і прыйдуць, і скажуць, што мы гатовыя да супрацоўніцтва", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.