Лукашэнка: Купалаўскі тэатр трэба адправіць у свабоднае плаванне
Кіраўнік дзяржавы даручыў міністру культуры Барысу Святлову ўнесці прапановы пра вывад тэатра на самафінансаванне.
"Можа быць, давайце дамо ім магчымасць зарабіць, вызвалім ад падаткаў і паглядзім, што атрымаецца. Яны гатовыя, як на Захадзе, у свабоднае плаванне?", — спытаў Аляксандр Лукашэнка ў міністра.
Нагадаем, сёння кіраўнік дзяржавы ўдзельнічае ў адкрыцці пасля рэканструкцыі тэатра імя Янкі Купалы ў сталіцы, паглядзіць "Паўлінку".
Як даведалася Еўрарадыё, у спісе запрошаных на VIP-паказ асобаў ёсць прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура ды іншыя.
Нагадаем, што рэканструкцыя Купалаўскага тэатра працягвалася больш за два гады. Згодна з задумай аўтараў праекта, будынак наблізіўся да свайго першапачатковага выгляду.
Звычайныя мінчукі змогуць наведаць тэатр ужо 4 красавіка. У гэты дзень там ізноў пакажуць “Паўлінку”.