Лукашэнка ўсё ж пастараецца вярнуць Грузію ў СНД, нават калі яна не хоча
Пра гэта беларускі лідар заявіў 5 кастрычніка, прымаючы даверчыя граматы амбасадара Грузіі ў Беларусі Давіда Катарыя.
Вяртанне ў СНД — шлях для Грузіі нармалізаваць адносіны не толькі з Расіяй, але і з усімі постсавецкімі дзяржавамі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. І ён пастараецца зрабіць так, каб краіна гэты шанец выкарыстала. Лукашэнка спадзяецца, што гэта стане магчымым, калі Беларусь у 2013 годзе стане на чале СНД.
Пры гэтым беларускі кіраўнік выказаў “надзвычайную зацікаўленасць” у далейшым развіцці ўзаемавыгаднага беларуска-грузінскага дыялогу “па самым шырокім спектры пытанняў”. Таксама Лукашэнка падзякаваў Грузіі за падтрымку на міжнароднай арэне, перадае БЕЛТА.
Пра вяртанне гэтай краіны ў СНД Лукашэнка выказаўся яшчэ ўчора, 4 кастрычніка. Новыя грузінскія ўлады ўжо адрэагавалі на гэтую заяву. Гія Хухашвілі, прадстаўнік кааліцыі “Грузінская мара”, што перамагла на парламенцкіх выбарах, сказаў: “Гэтае пытанне не стаіць на парадку дня для новых уладаў Грузіі”.