Лукіна падазраюць у датычнасці да ўцёкаў Радзінай?
Прадпрымальнік Аляксандр Лукін, які жыве ў Францыі, уцёк ад беларускіх памежнікаў на тэрыторыю Польшчы. Маўляў, яго падазраюць у датычнасці да ўцёкаў Радзінай.
Таксама Лукін заяўляе, што знаходзіцца ў спісе асобаў, якія належаць да затрымання, перадае Радыё "Свабода". Нагадаем, Лукін разам з сям'ёй ехаў у Беларусь 4 траўня. Раней, у дзень выбараў 19 снежня, яго затрымалі ў Мінску і асудзілі на 15 сутак. Арышт ён адбываў ў Жодзінскай турме.
Лукін кажа, што беларускія памежнікі спрабавалі яго затрымаць, але польскія памежнікі не аддалі яго. Жонка Алена, якая была каля Лукіна, перайшла на беларускі бок да дзяцей і вярнулася ў Кобрын.
Лукін кажа, што напрыканцы сакавіка прыязджаў у Беларусь і быў ў Кобрыне два дні. Якраз у гэтыя дні Наталля Радзіна збегла з краіны. Спецслужбы, маўляў, падазраюць Лукіна ў датычнасці да ўцёкаў і нават прыходзілі ў яго дом з ператрусам.