Ля будынка райсуда ў Барысаве адбылося "размініраванне"
Сёння зранку жыхар Барысава звярнуў увагу на падазроны пакет, якія ляжаў у сметніцы ля будынка Барысаўскага раённага суда.
Пільны мужчына звярнуўся да дзяжурнага ахоўніка суда, які паведаміў пра знаходку ў міліцыю і выратавальную службу. Праз некалькі хвілінаў усіх людзей з будынка суда, а таксама з навакольных дамоў эвакуявалі, было выстаўленае ачапленне, паведамляе сайт мясцовай газеты "Адзінства".
Выкліканыя ажно з Мінска сапёры пераканаліся, што загадкавы скрутак пагрозы не ўяўляе: у ім былі пачкі цыгарэт. Жыхары і супрацоўнікі раённага суда, якія мерзнулі на вуліцы, змаглі вярнуцца ў цеплыню.