Любоў Кавалёва просіць, каб сыну дазволілі пісаць лісты

Нагадаем, пасля абвяшчэння смяротнага прысуду Любоў і Таццяна Кавалёвы толькі па адным разе змаглі ўбачыць сына і брата. Спатканне маці з ім доўжылася 30 хвілінаў, сястры — 10 хвілінаў.

Як інфармуе БелаПАН, сёння ж Любоў Кавалёва перадала заяву начальніку СІЗА КДБ, дзе трымаюць яе сына. Жанчына нагадвае, што паводле міжнародных нормаў усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае стаўленне. Таму яна просіць, каб сыну дазволілі пісаць лісты і атрымліваць іх, карыстацца бібліятэкай, дазволіць перадачу яму вітамінаў, бо Уладзіслаў хварэе на бранхіяльную астму.

Кавалёва таксама просіць адміністрацыю СІЗА разгледзець пытанне пра мэтазгоднасць ужывання ў камеры кайданкоў. Жанчына ўпэўненая, што яе сына трымаюць скаваным. Нагадаем, намеснік генпракурора Аляксей Стук абверг гэтыя звесткі.