Мінскі стадыён “Дынама” зачыняць на два месяцы
Траўнік на галоўнай арэне краіны абяцаюць аднавіць да матчу са зборнай Францыі.
Сталічны стадыён "Дынама" зачыняецца на два месяцы. На гэты час футбольныя клубы "Дынама" і "Мінск" развядуць па іншых сталічных арэнах. Прычына — дрэнны стан траўніка — падагрэў поля перад чэмпіянатам не ўключалі...
Дырэктар стадыёна Уладзімір Вільчынскі кажа, што клубы адмовіліся аплочваць падагрэў: “Мы прапанавалі клубам уключыць падагрэў — клубы сказалі, што дорага. На гэтым размова скончылася, бо ў нас няма такіх сродкаў”.
Цяпер дакладна вядома, што пасля матча “Дынама” (Мінск) — “Гомель” 10 красавіка стадыён зачыніцца.
Гендырэктар ФК “Мінск” Ігар Шлойда мяркуе, што грошы на падагрэў поля не акупляюцца: “У мінулым годзе з 2 па 30 сакавіка падагрэў быў уключаны. Нам сказалі, што гэта каштуе 60 мільёнаў рублёў. Аплочваць збіраліся напалову з клубам “Дынама” — па 30 мільёнаў. Але ў выніку нам выставілі рахунак у 105 мільёнаў рублёў. ФК “Дынама” спаслалася на фінансавыя цяжкасці, і ўсе 105 мільёнаў аплацілі мы. Але поле ўсё роўна было не ў задавальняючым стане”.
Зараз арэнда стадыёна “Дынама” абыходзіцца ў 15 мільёнаў рублёў. Але Шлойда лічыць, што клуб плаціў бы і болей, калі б былі добрыя ўмовы. Маўляў, іншага стадыёна ўсё адно няма, дык можна і за гэты заплаціць 25 мільёнаў — абы поле было ў добрым стане…
Старшыня камітэта па спартыўных збудаваннях Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Куніца кажа, што стадыён будзе закрыты да 3 чэрвеня (нагадаем, якраз у гэты дзень зборная Беларусі прымае ў адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2012 года Францыю). На яго думку, адказнасць за стан газона нясе не толькі дырэкцыя стадыёна, але і футбольная федэрацыя.
Куніца мяркуе, што газон у кепскім стане з-за двух матчаў, якія прайшлі пры мінусавой тэмпературы: “Гэта матчы з удзелам БАТЭ. Гэта матч у снежні і асабліва ў лютым, калі падагрэў быў уключаны на месяц. Тады тэмпература ў Беларусі даходзіла да -15..-20 градусаў”.
Адзначым, што на час аднаўлення траўніка на галоўнай арэне краіны футбольны клуб “Мінск” "пераедзе" на колішні хатні стадыён “Тарпеда“. А мінскае “Дынама” будзе прымаць сапернікаў на “Дынама-Юні” ці на “Трактары”.
Фота: tourism.tut.by