Маладафрантоўца Шульжыцкага трымаюць у пастарунку па справе тэракту

Уладзіміра Шульжыцкага 20 красавіка выклікалі ў пракуратуру Смаргонскага раёну. Ён паведаміў "Свабодзе", што яго дапытвалі ў справе выбуху ў метро.

Следчага, са слоў Шульжыцкага, цікавіла, што той ведае пра выбух, што пра гэта кажуць людзі, але найболей следчы цікавіўся фотаздымкамі, якія Шульжыцкі размясціў на сваёй інтэрнэт-старонцы. На гэтых здымках Уладзімір Шульжыцкі пазіруе з рознай зброяй часоў Другой сусветнай вайны. Хлопцу давялося тлумачыць, што гэтыя здымкі былі зробленыя ў той час, калі ён здымаўся ў кіно.

Пазней Шульжыцкі накіраваўся ў міліцыю, каб высветліць лёс ягоных пнеўматычных стрэльбаў і пнеўматычнага пісталета, якія напярэдадні ў яго канфіскавалі міліцыянты. Пасля гэтага ягоны тэлефон не адказваў.

Раніцай 21 красавіка маці Ўладзімера Шульжыцкага паведаміла, што ноччу ў іх кватэры быў праведзены паўторны ператрус, прычым, міліцыянты прыходзілі разам з Уладзімірам: сканфіскавалі кампутар, ды іншыя рэчы.