Матэя Кежман будзе жыць ва Уруччы і гуляць пад нумарам “99”

110901 Zybliuk Kezhman.mp3

На сустрэчы з журналістамі навабранец БАТЭ вядомы нападаючы  Матэя Кежман распавёў, чаму абраў менавіта барысаўскі клуб і як паставіліся ў Сербіі да яго.

“Прыемна гуляць з “Барселонай” і “Міланам”. Але незалежна ад гэтага ў Лізе чэмпіёнаў лепшыя каманды Еўропы. Таму павінна быць добрая матывацыя”, – тлумачыць свой пераход нападаючы.

Апошнія месяцы Матэя трэніраваўся разам з бялградскім “Партызанам”. Калі б родная каманда трапіла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, магчыма, ён бы і застаўся на Радзіме.

“У Бялградзе на пераход у БАТЭ адрэагавалі пазітыўна, – працягвае Кежман. – Не толькі ў Сербіі, інфармацыя прайшла амаль ва ўсім свеце. Але заўзятары “Партызана”, натуральна, шкадуюць, што не застаўся ў Сербіі”.

Кежман – вядомы задзіра. Напрыклад, у матчы на Еўра-2000 за зборную Югаславіі яго выдалілі праз 90 секунд пасля з’яўлення на полі. Але ў свае 32 гады Матэя мае дастаткова досведу, каб стрымліваць свае эмоцыі.

“Характар у мяне моцны, з-за яго ў мяне і атрымалася такая кар’ера. Што было, тое было”, – запэўнівае форвард.

У матчы зборнай Беларусі супраць Босніі і Герцагавіны серб будзе падтрымліваць беларускую каманду. Кажа, што гэта вельмі добрая каманда, маўляў, не дарма ж французаў перайгралі.

З беларускіх клубаў акрамя БАТЭ Кежман ведае мінскае “Дынама” і салігорскі “Шахцёр”. Серб лічыць, што калі перайграць гарнякоў 9 верасня, то можна усур’ёз задумвацца аб чэмпіёнстве.

“Калі стану чэмпіёнам Беларусі, гэта будзе годны трафей у маёй калекцыі. Заўсёды прыемна станавіцца чэмпіёнам”, – дадае Матэя.

У свой час Кежман працаваў пад кіраўніцтвам Хідынга і Маурыньё. Тое, што перспектыўны Віктар Ганчарэнка толькі на пару гадоў старэйшы за серба, яго не пужае. Футбаліст ўпэўнены, што ў яго будуць выдатныя адносіны з трэнерам.

Сёння ж Матэя адправіўся глядзець 3-пакаёвую кватэру ў новым доме ва Уруччы. Яго жонка і трое дзяцей засталіся ў Бялградзе, але футбаліст спадзяецца, што яны будуць прыязджаць да яго. Ці застанецца ў барысаўскім клубе пасля Новага года, Кежман яшчэ не задумваўся. Зараз жа настройваецца на 3-4 месяцы плённай працы ў БАТЭ.

Матэя Кежман будзе гуляць пад нумарам “99”.