Міліцыя просіць адгукнуцца ахвяраў сэксуальнага маньяка

Падчас разбіральніцтва малады чалавек распавёў, што сёлета з чэрвеня ён здзейсніў больш за 20 нападаў на дзяўчат, паведамляе БелаПАН. Па словах затрыманага, ён дзейнічаў у мікрараёнах Кунцаўшчына, Каменная Горка, Захад, Сухарава. Убачыўшы на вуліцы адзінокую дзяўчыну, ён ішоў следам. Для нападу падбіраў ціхае месца: пад'езд, ліфт, пустка. Абраўшы момант, нападнік хапаў ахвяру і спрабаваў хапануць яе за інтымныя месцы. Калі дзяўчына пачынала крычаць, супраціўляцца ці клікаць на дапамогу, зламыснік хаваўся. Разам з тым хлопец прызнаўся, што аднойчы ён ледзь не згвалціў шакаваную дзяўчыну, якая не здолела супраціўляцца. Перашкодзіў гэта зрабіць позні мінак.

Затрыманага ўжо раней двойчы судзілі, прычым за злачынствы сэксуальнага характару. Ён вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі ў сакавіку.

Пра свае дзеянні малады чалавек распавядае досыць падрабязна. Аднак у міліцыю не паступалі заявы ад пацярпелых. Таму міліцыянты звяртаюцца да магчымых ахвяраў затрыманага з просьбай паведаміць пра сябе. Ім абяцаюць максімальную карэктнасць і прыватнасць падчас следства.

Фота — donbass.ua