Мінчукі пратэстуюць супраць інтэрната для гастарбайтараў

Чарговы сход жыхароў адбыўся 27 лістапада каля будаўніцтва па Геалагічнай вуліцы, 54, інфармуе БелаПАН. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Юрый Ганчар і Таццяна Караткевіч.

Жыхары заяўляюць, што ўчастак зямлі на Геалагічнай вуліцы афіцыйна вылучаны для будаўніцтва двухкватэрнага жылога дома, зарэгістраванага на трох непаўналетніх дзяцей. А насамрэч рабочыя на пачатку будаўніцтва распавялі жыхарам, што будуюць інтэрнат для замежных работнікаў, сцвярджаюць жыхары вуліцы.

Мінчукі сцвярджаюць, што гэта будзе барак на 60 чалавек. Ён, нібыта, будуецца нелегальна — пад прыкрыццём дома для дзяцей.