Мінгарвыканкам скарачае спісы пацярпелых ад выбуху ў метро
Алена Лебядзінская пасля выбуху трапіла ў лякарню, а цяпер чыноўнікі не лічаць яе пацярпелай.
Пра гісторыю жанчыны піша "Народная Воля". Мінчанка Алена Лебядзінская падчас выбуху была на эскалатары метро і атрымала лёгкія траўмы рук і галавы. На машыне "хуткай дапамогі" яе даставілі ў 9-ю клініку, дзе апрацавалі раны. Ад шпіталізацыі жанчына адмовілася, бо дома не было з кім пакінуць сабаку.
На наступны дзень у паліклініцы, кажа Лебядзінская, у яе выявілі павышаны ціск і паставілі дыягназ... "бранхіт". Выпісалі бальнічны.
Потым жанчына звярнулася ў Мінгарвыканкам па дапамогу як пацярпелая ад выбуху. Праз паўтара месяца, аднак, чыноўнікі заявілі, што Лебядзінская не з'яўляецца пацярпелай ад тэракту ў метро і грашовую кампенсацыю ёй не дадуць. Па іх словах, разлад яе здароўся ніяк не звязаны з выбухам у метро.
У той жа час у Генпракуратуры Лебядзінскую па-ранейшаму лічаць пацярпелай па крымінальнай справе ў мінскім метро. Пракурорскія работнікі сказалі жанчыне, што яна можа выставіць фінансавыя прэтэнзіі абвінавачваным па справе. За падранае паліто, шалік, пабітыя акуляры ёй налічылі крыху больш за два з паловай мільёны рублёў.