Міністр фінансаў стане "спадаром НЕ"
Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння складаныя бюджэтныя задачы перад прэм'ер-міністрам і міністрам фінансаў.
На нарадзе з новым складам урада Лукашэнка даручыў распрацаваць канцэпцыю кіравання валавым знешнім долгам. Сэнс канцэпцыі - каб плацяжы па запазычанасях не абцяжарвалі эканоміку. Для гэтага, відавочна, не варта заводзіць новых далгоў, а таксама скараціць бюджэтныя выдаткі.
Міністру фінансаў так і было сказана: "Вы павінны стаць для ўсіх "спадаром НЕ", калі гаворка ідзе пра павелічэнне бюджэтных выдаткаў".
Прэзідэнт прапанаваў таксама спосабы папаўнення бюджэту. "Прыбытак бюджэту павінен ўзрастаць не за кошт новых падаткаў або падвышэння іх ставак, а шляхам пашырэння падатковай базы, росту колькасці суб'ектаў гаспадарання, падвышэння эфектыўнасці іх працы і роста эфектыўнасці эканомікі краіны ў цэлым", - цытуе Лукашэнку БЕЛТА.