Мінск прапануе Варшаве сустрэцца наконт "карты паляка"
З ініцыятывай выступіў старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка.
Ён накіраваў зварот да свайго польскага калегі Анджэя Галіцкага, перадае Радыё "Свабода". У лісце ён тлумачыць пазіцыю беларускіх дэпутатаў наконт сітуацыі з "картай паляка".
Карпенка кажа, што ў лісце — прапанова сустрэцца на міжпарламенцкім узроўні і абмеркаваць гэтыя праблемныя пытанні. Адказу на ліст пакуль няма. Таму выказванні польскага боку пра заклапочанасць у сітуацыі з "картай паляка" ў Беларусі, беларускі дэпутат называе цынічнымі.
Нагадаем, 7 красавіка Канстытуцыйны суд Беларусі вырашыў, што польскі закон "Аб карце паляка" не адпавядае нормам міжнароднага права. Таксама з'яўляліся звесткі, што беларускім дзяржслужбоўцам забароняць атрымліваць "карту паляка".