Мінскае “Дынама” апратэставала перамогу “Металурга” (відэа)

Паядынак, які адбыўся 24 жніўня, завяршыўся паразай “Дынама” з лікам 2:3. Пратэст тычыцца эпізоду з голам у браму мінчан, які на 52-й хвіліне пасля відэапрагляду спрэчнага моманту быў запісаны на рахунак абаронцы “Металурга” Іллі Шынкевіча. Ён і стаў пераможным для жлобінцаў.

Пасля прагляду відэазапісу гэтага моманту кіраўніцтва клуба прыняло рашэнне аб падачы пратэсту на вердыкт суддзі-відэолага Паўла Башмакова. На запісе бачна, што шайба пасля кідка Іллі Шынкевіча трапіла ў левую ад брамніка штангу і не перасякла лінію брамы, адскочыўшы ў бок.

Разгляд пратэсту наўрад ці прывядзе да перагляду выніку паядынку, але відэа-арбітр напэўна будзе пакараны за памылку.

25 жніўня адбыўся другі матч на турніры памяці Руслана Салея, у якім жлобінскі “Металург” прайграў расійскаму “Віцязю” з падмаскоўнага Чэхава — 1:5. Пераможца турніру вызначыцца сёння, 26 жніўня пасля заключнага паядынку. А 17.00 у “Мінск-Арэне” пачнецца матч “Дынама” (Мінск) — “Віцязь” (Чэхаў).