Мінская міліцыя не дачакалася акцыі “Стоп-бензін”
Цэнтральныя вуліцы сталіцы ўвечары 11 лістапада кантралявалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.
Напярэдадні прадстаўнікі аўтамабільнай супольнасці заявілі пра намер правесці сёння чарговую акцыю “Стоп-бензін”. Нагодай для пратэсту павінна было стаць чарговае падаражэнне аўтамабільнага паліва з 10 лістапада.
Патрулі праваахоўнікаў у цывільным стаялі на тратуарах праспекта Незалежнасці ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці, перадае БелаПАН. Шмат людзей характэрнага выгляду было ля будынку КДБ. На асноўных скрыжаваннях з праспектам дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ.
Як перадае з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, рух на праспекце быў звычайным для вечара, без затораў. Роўна а 18.11 (на гэты час і была прызначаная акцыя), некалькі аўтамабілістаў зрабілі спробы пасігналіць. Аднак гэта не выглядала як відавочная акцыя. Супрацоўнікі міліцыі проста мёрзлі і не мелі чым заняцца на праспекце Незалежнасці.
Была спыненая машына, у якой знаходзіліся маладыя людзі усходне-азіяцкай знешнасці. Але наўрад ці яны былі ўдзельнікамі акцыі "Стоп-бензін".