Мінскі хакер заразіў 2000 кампутараў

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, малады чалавек увесну і ўлетку 2012 года запускаў у сеціва праграму, спецыяльна прызначаную для блакавання інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарных сістэмах карыстальнікаў, паведамляе Interfax.by

Пасля наведвання карыстальнікам пэўных сайтаў у сістэму ўкараняўся вірус: на маніторы карыстальніка выводзілася паведамленне з тэкстам аб парушэнні ім заканадаўства, у сувязі з чым кампетэнтныя органы (напрыклад, міліцыя) блакуюць кампутар да ўплаты штрафу ў памеры 100 тысяч беларускіх рублёў.

“Штраф” прапаноўвалася ўносіць на нумары электронных кашалькоў зламысніка праз плацёжныя тэрміналы або ў паштовых аддзяленнях. Такім чынам хлопец заразіў не меней за 2000 кампутараў. Цалкам верагодна, што колькасць пацярпелых ад яго дзеянняў значна большая.