Мінскія ўлады пакуль не ведаюць, як будзе выглядаць гатэль “Пекін”
Будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на вуліцы Чырвонаармейскай Мінска пачалося 18 верасня 2011 года.
Праект на суму не менш за 200 мільёнаў долараў рэалізоўвае кітайская будаўнічая кампанія BUCC. Аднак да гэтага часу не вядома, як гасцініца будзе канчаткова выглядаць. Аб гэтым паведаміў кіраўнік камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Пятроў.
Пятроў: "Праектаванне вядзе кітайскі бок і канчатковыя праектныя матэрыялы нам яшчэ не паступалі. Па тых матэрыялах, якія мы маем, гэта пяцізоркавая гасцініца. У складзе самой гасцініцы ёсць рэстаран, трэнажорная зала і ўсё, што павінна быць у пяцізоркавай гасцініцы. У ёй будзе ад аднаго да сямі паверхаў. Сем паверхаў будзе толькі ў цэнтральнай часткі гасцініцы. Да 2014 года яна павінна быць уведзена".
Нагадаем, што будаўнікі гатэлю ўжо сутыкнуліся з супраціўленнем з боку мясцовых жыхароў. Людзі пратэстуюць супраць вырубкі Кастрычніцкага парку, на месцы якога плануюць пабудаваць "Пекін".