“Міс свету” стала кітаянка Ю Вэньсіа
Прадстаўніца Беларусі Юлія Скалковіч не трапіла нават у ТОП-30 конкурсу, хоць на яе перамогу актыўна ставілі букмекерскія канторы.
Фінал 62-га конкурсу прыгажосці “Міс свету-2012” прайшоў увечары 18 жніўня ў кітайскім Ордасе на краю пустыні Гобі ва Унутранай Манголіі. 116 дзяўчат з розных краінаў правялі ў Кітаі амаль месяц: яны засвойвалі традыцыйныя мангольскія рамёствы, вучыліся насіць мясцовую вопратку і гатаваць традыцыйныя для качэўнікаў стравы.
20-гадовая беларуска Юлія Скалковіч не трапіла нават у трыццатку ўдзельніц, якія набралі найбольшую колькасць балаў па выніках актыўнасці на мерапрыемствах “Міс свету” і размовам з журы. Спіс гэтых удзельніц быў вызначаны перад фінальным шоў.
“Міс свету-2012” Ю Вэньсіа 23 гады, яна займаецца музыкай і плануе стаць настаўніцай музыкі. Яна любіць вандраваць, спяваць і граць на фартэпіяна. Апісвае сябе як чалавека, які ідзе за сваёй марай. Яе ўлюбёная страва — пельмені.
Першай віцэ-міс конкурсу стала валійка, 19-гадовая Сафі Элізабэт Моулдз, другой віцэ-міс — 23-гадовая Джэсіка Мішэль Кахаваці з Аўстраліі.
Паводле рэйтынгаў брытанскіх букмекерскіх кантор у лідарах конкурсу былі прадстаўніцы Кітая, Мексікі і Непала. Дарэчы, кітаянкі ўжо другі раз выйграюць тытул “Міс свету”: у 2007 годзе яго атрымала Чжан Жылін.
Налета конкурс пройдзе ў Інданэзіі, перадае БелаПАН.