Муамара Кадафі з сям'ёй прытуліць Беларусь?

Міжнародны эксперт Х'ю Грыфітс з Міжнароднага інстытута даследавання міру (SIPRI) з сядзібай у Стакгольме паведаміў, што назіральнікі зафіксавалі некалькі авіярэйсаў лівійскага ўрадавага самалёта паміж Трыпалі і Беларуссю. Пра гэта са спасылкай на SIPRI паведаміў польскі партал tvn24.pl.

Па меркаванні экспертаў, на борце было "штосьці вельмі каштоўнае", што не падлягае ААНаўскім фінансавым санкцыям і замарожванню актываў. Гаворка, магчыма, ідзе пра так званыя "крывавыя дыяменты" — валюту, усталяваную паміж Кадафі і афрыканскімі краінамі, лічыць эксперт SIPRI.
 
Акрамя гэтага, па словах Грыфітса, які з'яўляецца таксама экспертам па кантрабандзе зброі, 15 лютага з Баранавічаў (дзе ёсць вайсковы склад) у Лівію вылецеў самалёт ІЛ-76. Самалёт прызямліўся на аэрадроме ў мясцовасці Сабха, у пустынных мясцінах на паўднёвым захадзе Лівіі. Верагодна, самалёт перавозіў зброю і боепрыпасы.