МУС запрашае Дэпардзьё ў Беларусь без візы
І разам з тым нагадвае, што беларускае грамадзянства французскаму актору можа надаць толькі асабіста Аляксандр Лукашэнка.
Пакуль жа Жэрар Дэпардзьё, які атрымаў расійскае грамадзянства, можа без візы наведваць Беларусь. Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна.
Як грамадзянін Расіі Дэпардзьё мае права абраць месцам жыхарства Беларусь і аформіць тут від на жыхарства. Аднак, кажа чыноўнік, актор пакуль не звяртаўся па беларускае грамадзянства.
Дарэчы, у 2012 годзе Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства амаль 2000 замежнікам. Гэта былыя грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Швейцарыі. Цяпер разглядаецца пытанне пра наданне грамадзянства амерыканцу. Імёны гэтых людзей у МУС не называюць, спасылаючыся на ахову асабістай інфармацыі.
Фота — forum.for-ua.com