МВФ заклікае Беларусь не зацягваць з адзіным курсам

Сітуацыя на валютным рынку ўсё яшчэ выклікае заклапочанасць. Пра гэта заявіла 15 ліпеня сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонда ў Беларусі Наталля Калядзіна. Яна ўпэўненая, што краіна можа выйсці на адзіны курс беларускага рубля ў бліжэйшы час.

Прывесці курс да адной роўніцы трэба з выкарыстаннем рынкавых механізмаў, за кошт балансу паміж попытам і прапановай. Таксама можна выкарыстоўваць дадатковую біржавую сесію, хоць такі метад не пратрывае доўга, кажа прадстаўніца МВФ.

Са словаў Наталлі Калядзінай, для выхаду на адзіны курс трэба ўсяго некалькі тыдняў. Аднак яго ўніфікацыя — не панацэя для эканомікі. Адначасова трэба рэалізаваць у краіне цэлы пакет макраэканамічных мер, пераказвае словы эксперта МВФ Interfax.by.