“Мы адмовімся вадзіць дзяцей у школу”
У райвыканкаме не бачаць ніякіх праблем, што дзеці будуць ездзіць на ўрокі за 8 кіламетраў: “Дабіраюцца і з больш аддаленых школ”. Бацькі пратэстуюць.
“Сёння арганізаваны падвоз. Што тут за праблема – я не бачу. Сёння дзеці дабіраюцца і з больш аддаленых школ”, – рэагуе на пратэст бацькоў старшыня Старадарожскага райвыканкама Сцяпан Чачуха.
Вёска Сінягова ў аграгарадок ператварылася год таму. Спачатку радасці жыхароў не было межаў. Тут адрамантавалі фельчарскі пункт, падфарбавалі клуб і бібліятэку, крама з паўразваленага будынку пераехала ў памяшканне былой сталоўкі. У дадатак усім паставілі новыя свежапафарбаваныя платы. А вось пра школу забыліся. Яна за два гады канчаткова развалілася, і ў траўні райвыканкам вырашыў школу ў Сінягова зачыніць, а мясцовых дзяцей вазіць за восем кіламетраў у вёску Пасека.
“Нам заявілі, што школа не мае поўнага камплекту. Можа гэта для горада трэба 200 – 300 чалавек. А для нас і нашых 30 магло быць дастаткова, – кажа сябра бацькоўскага камітэту Іван Аўчыннікаў. – Адміністрацыя раёна не змагла нам патлумачыць, дзе прапісаныя нормы па ўкамплектаванні школ”.
У выніку дзяцей збіраюцца вазіць у іншую школу, а настаўнікаў раскідалі па раёне. Бацькі настроеныя рашуча і гатовыя да радыкальных дзеянняў.
“Мы зусім адмовімся вадзіць дзяцей у школу. Увогуле. І 1-ы, і 2-гі, і 9-ы класы. Мы хочам дайсці да прэзідэнта. Уся загвоздка ў тым, што тут самая галоўная ўлада – аблвыканкам. Куды б мы не звярталіся – усе пераадрасоўваюць на аблвыканкам, а там канкрэтны стопар”, – абураецца Іван Аўчыннікаў.
Кіраўніцтва Старадарожскага раёна, дзе знаходзіцца аграгарадок, мае свой погляд на сітуацыю. З бацькамі сінягоўскіх дзяцей чыноўнікі ўжо не сустракаюцца і лічаць, што стварылі ўсе ўмовы для нармальнага навучання ў суседняй вёсцы. У канфлікце абвінавачваюць некаторых бацькоў.
“Тут адна сям’я мае свае інтарэсы. Вось у чым трэба разабрацца. Яны не грамадскіх трымаюцца інтарэсаў і не дзяржаўных. Яны трымаюцца асабістых інтарэсаў… Прыязджайце і паглядзіце на іх машыны, на іх дом. Прыязджайце і вам стане ўсё зразумела”, – кажа старшыня выканкама Сцяпан Чачуха.
Фота: www.mijory.by