МЗС Беларусі праігнаруе заяву пасольства Расіі
На заяву расійскіх дыпламатаў пра неадэкватнасць паводзін уладаў Беларусі афіцыйнай рэакцыі не будзе.
Пра гэта заявіў 17 лютага прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Гаворка ідзе пра рэакцыю Пасольства Расіі на заяву МУС РБ пра наяўнасць доказаў віны арыштаваных грамадзян Расіі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса, якая была зробленая напярэдадні суда над імі.
Як адзначыў Савіных, "Выступ міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з'яўляецца адказам на неаднаразовыя заявы пасольства Расіі па дадзенай тэме, якую потым само ж пасольства і ахарактарызавала як сумнеўную публічную палеміку".
Прэс-сакратар падкрэсліў, што на заяву расійскіх дыпламатаў пра неадэкватнасць паводзін уладаў Беларусі ў дадзенай сітуацыі "афіцыйнай рэакцыі беларускага МЗСа няма і быць не можа".