МЗС Беларусі: Прамова Сікорскага не заслугоўвае крытыкі
Прамова кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага на канферэнцыі ў Варшаве "Салідарнасць з Беларуссю" не заслугоўвае нават крытыкі.
Пра гэта заявіў сёння прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, адказваючы на просьбу БЕЛТА даць ацэнку выступу Сікорскага.
Тым не менш, крытыка пайшла. "Гэта прамова не дыпламата і тым больш не міністра замежных справаў. Так можа выступаць ангажаваны журналіст", — пракаментаваў Савіных.
Нагадаем, учора на канферэнцыі ў Варшаве прамаўлялі і іншыя міністры краінаў Еўрасаюза. Аднак Сікорскі быў найбольш рэзкі ў фармулёўках. Ён, у прыватнасці, прадказаў Аляксандру Лукашэнку хуткія ўцёкі з Беларусі, для чаго параіў загадзя падрыхтаваць самалёт.