МЗС Беларусі разлічвае, што АБСЕ "прафесійна ацэніць" вынікі выбараў
Беларускі бок разлічвае, што "эксперты АБСЕ змогуць пераадолець маніпулятыўны націск", які ўзнік пасля выбараў.
I прафесійна падыдуць да падрыхтоўкі заключнага даклада аб ходзе выбарчага працэсу, ацэнкі выбарчай кампаніі і вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных 23 снежня на брыфінгу ў Мінску.
Паводле яго слоў, "эмацыянальная трактоўка падзей, якія не маюць адносінаў да выбарчага працэсу", што з'явілася ў папярэдняй ацэнцы экспертаў АБСЕ пад уплывам падзей ў Мінску вечарам 19 снежня, "адводзіць ад ацэнкі правядзення ўласна выбарчага працэсу і вынікаў выбараў".
"Мы вымушаны канстатаваць, што супрацьпраўныя правакацыйныя дзеянні, арганізаваныя меншасцю апазіцыі пасля закрыцця выбарчых участкаў, паўплывалі на танальнасць заяў прадстаўнікоў АБСЕ і характар іх высноў", — заявіў прэс-сакратар МЗС.