На Бярэзіне сёння ноччу ўзарвалася судна
Прычынай выбуху стала газапаветраная сумесь у плывучым паліўным баку.
Здарэнне адбылося на земснарадзе – судне тэхнічнага флоту, якое паглыбляе дно вадаёма. Судна выбухнула ў затоцы ракі Бярэзіна каля вёскі Прудок Светлагорскага раёна ў ноч з 6 на 7 жніўня, паведамляе БЕЛТА. Капітан атрымаў апёкі 1 і 2 ступені 10% цела. У выніку ўспышкі газапаветранай сумесі быў таксама пашкоджаны бак і з яго выцекла дызельнае паліва. Ратавальнікам удалося патушыць пажар і не дапусціць пападання паліва ў раку.