На Кубе амністуюць амаль 3 тысячы вязняў
Улады выспы заяўляюць, што пайшлі на такі крок з меркаванняў гуманнасці.
Сярод тых, хто бліжэйшым часам выйдзе на свабоду, 86 замежных грамадзян з 25 дзяржаваў, паведамляюць інфармагенцтвы. Пад амністыю трапяць асобы, старэйшыя за 60 год, жанчыны, хворыя, а таксама маладыя людзі, якія раней не здзяйснялі злачынстваў. Не вызваляць тых, хто здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама асуджаныя за крадзяжы, рабаванні і шпіянаж. Праўда, тут таксама могуць быць рэдкія выключэнні.
З турмаў выйдуць некаторыя асобы, якіх пакаралі за злачынствы супраць дзяржаўнай бяспекі і якія адбылі большую частку тэрміна, дэманструючы добрыя паводзіны. Але ж пад амністыю не трапіць грамадзянін ЗША Алан Грос, які адбывае 15-гадовы тэрмін зняволення. Грос быў арыштаваны ў 2009 годзе па абвінавачанні ў спробе правезці на тэрыторыю Кубы спадарожнікавае абсталяванне па кантракце Дзярждэпартамента ЗША.
Кубінскі суд палічыў, што гэтае абсталяванне можа быць выкарыстанае для падрыву канстытуцыйнага ладу краіны. Амерыканскі бок настойваў на тым, што абсталяванне прызначалася для доступу ў інтэрнэт мясцовай габрэйскай абшчыны.