На матчы БАТЭ — ПСЖ будуць раздаваць гарачую гарбату
Разумеючы, што паход на стадыён у 15-градусны мароз выглядае на экстрым, кіраўніцтва БАТЭ спрабуе дапамагчы сваім заўзятарам у барацьбе з холадам.
Па дамоўленасці з камандаваннем Унутраных войскаў у дзень матчу 1/16 фіналу Лігі Еўропы УЕФА БАТЭ — "Пары Сэн-Жэрмэн" на тэрыторыі мінскага стадыёна "Дынама" плануецца арганізаваць не меней за чатыры палявыя кухні. За гадзіну да гульні і цягам усяго матчу заўзятарам будзе прапаноўвацца гарачая гарбата. Вядома ж, бясплатна.
Гарбата, мяркуючы па ўсім, спатрэбіцца, бо на дадзены момант няма важкіх падстаў для пераносу каляндарнага часу матчу. Такое меркаванне выказаў сёння дэлегат матчу ад УЕФА Давід Петрыашвілі пасля наведвання стадыёна. У гутарцы з кіраўнікамі ФК БАТЭ ён паведаміў, што стан газона даволі добры для гэтай пары году. Да таго ж, па прагнозах еўрапейскіх сынаптычных агенцтваў, у чацвер чакаецца прымальная для правядзення гульні тэмпература паветра.
Заўтра ў Мінск прыбываюць інспектар УЕФА і брыгада суддзяў. Яны таксама наведаюць стадыён, каб пераканацца, ці мэтазгодны перанос пачатку матчу з 20.00 на больш ранні час. Інфармацыю аб усіх зменах абставінаў правядзення матчу мы будзем аператыўна паведамляць. Сачыце за нашым сайтам.