На мінскага раварыста наехала машына ДАІ (Відэа)

Як піша "Камсамольская правда", здарэнне адбылося 28 красавіка. Мікалай Клімовіч ехаў па вуліцы Трасцянецкай, калі яго дагнала патрульная машына. Па словах раварыста, інспектар зрабіў яму заўвагу за парушэнне правілаў і прапанаваў перасесці ў аўтамабіль для прафілактычнай гутаркі.

Раварыст вырашыў праехаць 5 метраў для бліжэйшага безбардзюрнага заезду на тратуар, каб спыніцца і зняць свой вялікі заплечнік. Аднак, кажа Клімовіч, машына ДАІ паехала за ім, заехала на ходнік і збіла. Каб зняць машыну з прыціснутага раварыста, яе давялося падымаць уручную. Самога мінчука даставілі ў лякарню, дзе ён два дні праляжаў у хірургічным аддзяленні.

У сваю чаргу, ДАІ сцвярджае пра слушнасць дзеянняў інспектара. Цяпер ідзе праверка дарожна-транспартнага здарэння, яе вядзе аддзел дазнання сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.