На наступны год запланавалі 20% інфляцыі
А валавы ўнутраны прадукт Беларусі павінен вырасці на 5,5%.
Такія планы закладзеныя ў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год. Дакумент падпісаны 23 снежня Аляксандрам Лукашэнкам.
У наступным годзе будуць паскараць стварэнне канкурэнтаздольных вытворчасцяў, якія выпускаюць высокатэхналагічную, экспартаарыентаваную і інавацыйную прадукцыю. Гэта і павінна стаць асновай для эфектыўнага функцыянавання нацыянальнай эканомікі, пераказвае паведамленне прэс-службы прэзідэнта TUT.by.
Чакаецца прыцягненне наўпроставых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў аб’ёме 3,7 мільярда долараў. Рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва павінны ўзрасці не меней чым на 103% да ўзроўню гэтага года. Стаўка рэфінансавання на канец 2012 года прагназуецца на ўзроўні 20-23% гадавых і павінна крыху перавысіць узровень інфляцыі. На дадзены момант яна складае 45% і болей чым удвая адстае ад тэмпаў росту спажывецкіх коштаў.