На полі Аршанскай бітвы скралі вянок, свечкі і сцяг

Каля помніка загінулым ваярам знік вянок, ускладзены там напярэдадні аршанскімі актывістамі. Таксама невядомыя забралі кветкі, свечкі і бела-чырвона-белы сцяг (ён быў усталяваны на ўзбочыне дарогі каля вёскі Гацькаўшчына).

Бліжэй да абеду на полі з'явіліся міліцыянты, якія перапісалі прозвішчы прысутных удзельнікаў святкавання (сярод іх быў мастак Алесь Пушкін, бард Андрэй Мельнікаў). Як адзначае Радыё Свабода, поле, як і ў мінулым годзе, перад самым 8 верасня было ўзарана — такім чынам ствараюцца нязручнасці для людзей, якія прыязджаюць з усёй Беларусі на месца славутай бітвы.

Нагадаем, 8 верасня 1514 года ўтрая меншае войска Вялікага княства Літоўскага разграміла пад Оршай армію Маскоўскай дзяржавы. З пачатку 1990-х гадоў 8 верасня ў Беларусі неафіцыйна адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы. У гэты дзень праводзіцца фэст на поле Аршанскай бітвы, акцыі праходзяць у Беларусі і ў замежжы.

На здымку: Учора яшчэ ўсё было на месцы.