На Віцебшчыне пайшла мода на “дрэвы кахання”
Чарговае "Дрэва Кахання" паставілі ў яшчэ адным райцэнтры Віцебшчыны — у Расонах.
Каваную металічную канструкцыю мясцовыя камунальнікі спецыяльна заказвалі ў Наваполацку. Усталявалі яе каля сажалкі, на месцы якой раней было невялічкае балотца.
Па задумцы, у дзень вяселля жаніхі і нявесты павінны вешаць сюды “замочкі кахання”. Мода на канструкцыі для замочкаў пайшла па Віцебшчыне пасля таго, як маладыя перанялі замежную звычку ўпрыгожваць такімі замочкамі масты. Часам гэта стварала праблемы для камунальнікаў, якім даводзілася перыядычна зразаць замочкі, што псавалі знешні выгляд мастоў. Дрэвы, на думку мясцовых уладаў, павінны вырашыць гэтую праблему і стаць дадатковым упрыгожаннем населеных пунктаў.
Папярэдняе Дрэва Кахання з'явілася ў Глыбокім. Свае "дрэвы кахання" з’яўляюцца нават у пасёлках. Так, летась сваё Дрэва — яйка з металічных прутоў на металічным слупе — усталявалі у пасёлке Фарынава Полацкага раёна.