Ліга Еўропы: "Гомель" перамог — 2:0, а "Нафтан" прайграў — 3:4 (відэа)
Белградская "Црвена Звезда" выйграла ў наваполацкага "Нафтана" першы тайм — 3:0, але каманда Ігара Кавалевіча перамагла ў другім — 3:1.
Матч 2-га кваліфікацыйнага этапа футбольнай Лігі Еўропы прайшоў у чацвер у Віцебску. У першым тайме "Нафтан" амаль не аказваў супраціўлення гасцям, але ў другім нашых футбалістаў было не пазнаць: яны зацята атакавалі і забівалі! Спачатку Аляксандр Гаўрушка на 47-й хвіліне рэалізаваў пенальці, а пасля на 67-й забіў і з гульні. Яшчэ адзін гол на рахунку Валерыя Жукоўскага (76-я хвіліна). Галы ў гасцей забілі Касаліца (9-я і 69-я) і Мілунавіч (18-я і 34-я).
На жаль, зраўняць лік "Нафтан" не здолеў. У выніку, паражэнне, якое пакідае нямала пытанняў, сярод якіх галоўнае — што было з наваполацкай камандай у першым тайме?
Матч у адказ — 26 ліпеня ў Белградзе.
"Гомель" у гасцях у горадзе Куманава выйграў у македонскай "Рэновы" — 2:0 (Дземідовіч, 20; Новак, 39). Матч у адказ — 26 ліпеня ў Гомелі.