Нацбанк ачоліла Надзея Ермакова

Раней Надзея Ермакова ўзначальвала “Беларусбанк”. На гэтай пасадзе яна працавала з 1996 года. Яе папярэднік Пётр Пракаповіч адпраўлены ў адстаўку, бо мае праблемы са здароўем. Нядаўна ён перанёс сур’ёзную аперацыю на сэрцы і цяпер мае патрэбу ў працяглым перыядзе рэабілітацыі.

Дарэчы, Надзея Ермакова — гэта не першая жанчына, якую прызначылі кіраваць Нацбанкам. У 1996 годзе яго ўзначальвала Тамара Віннікава, якая таксама прыйшла сюды з “Беларусбанка”. Але на гэтай пасадзе Віннікава не пратрымалася нават года.

На думку эканаміста Сяргей Чалага, больш лагічным было б прызначэнне на гэтую пасаду першага намесніка старшыні Нацбанка Юрыя Алымава. Апошнія тыдні, дарэчы, ён выконваў абавязкі кіраўніка гэтай установы.

“З пункту гледжання кампетэнтнасці гэта было б лагічна. Ён курыраваў валютную палітыку і пытанні плацёжнага балансу, што вельмі дарэчы ў сённяшняй сітуацыі. Але відавочна, што выбар быў зроблены ў бок адданасці ўладзе, а не кампетэнтнасці”, — сказаў эканаміст у жывым эфіры Еўрарадыё.