Open Space рыхтуюць рускамоўны альбом

На рахунку Open Space два модныя англамоўныя альбомы. Іх хапіла, каб музыкі канчаткова ўпэўніліся, што сэнс песень даходзіць да фанатаў з цяжкасцю. Гурт вырашыў стаць бліжэй да народа і перайсці на рускую мову.

І тэксты, і музыку для новай пласцінкі лідар гурта Віталь Маціеўскі напісаў сам. Такім чынам, лічыць музыка, песні атрымаюць большую індывідуальнасць. Гурт анансуе альбом сінглам “Сделай шаг”.

“Я думаю, што гітары цяпер будуць не на першым месцы, — распавядае Віталік. — Хутчэй за ўсё, музыка застанецца “жывой”, але ў ёй паболее фішак, якіх патрабуе мода. Гэта не будзе “электроншчынай” у такім сэнсе слова. Проста, будзе больш клавішаў, сінтэтычных гукаў, разнастайнасці, свежых думак і ідэй”.

Неўзабаве пасля прэзентацыі сінглу, выхад якога запланаваны ў траўні, музыкі выпусцяць кліп. А альбом з’явіцца бліжэй да канца года. Беларускамоўную песню “Гэта няпроста”, запісаную для папярэдняга альбома, музыкі называюць “адзінкавым досведам”.