Падрыхтоўка да Першамая становіцца небяспечнай справай
29 красавіка ля прахадной Мінскага гадзіннікавага завода "ЛУЧ" быў затрыманы сябра прафсаюза РЭП і актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Алег Рагоўскі.
Ён разам з паплечнікамі па прафсаюзе раздаваў улёткі з інфармацыяй пра мітынг, прымеркаваны да Свята працоўных. Мітынг адбудзецца 1 траўня на пляцоўцы парка Дружбы народаў і санкцыянаваны мінскімі ўладамі. Адпаведна, ва ўлётках не ўтрымлівалася ніякіх матэрыялаў, што выказваюць знявагу да дзяржаўнай улады.
Вось за гэтым заняткам Рагоўскі і быў затрыманы нарадам міліцыі, пасля чаго дастаўлены для складання пратаколу ў Першамайскі РУУС г. Мінска.