Палітыкі Еўропы і ЗША — за ўзмацненне санкцый супраць Мінску
Сітуацыю ў Беларусі абмяркоўвалі на міжнароднай канферэнцыі ў Сейме Літвы.
Трэцяга траўня ў парламенце Літвы праходзіць міжнародная канферэнцыя "Роля парламентароў ва ўмацаванні дэмакратычных дзяржаў Усходняй Еўропы: шлях да дэмакратычнага грамадства". На ёй абмяркоўваюцца перспектывы дэмакратызацыі, палітычныя падзеі ў рэгіёне, а таксама праблемы міжнароднай інтэграцыі і супрацоўніцтва.
У працы канферэнцыі бяруць удзел многія вядомыя палітыкі. У іх ліку сенатар ЗША Джон Макейн, міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, адзін з лідараў расійскай апазіцыі Барыс Нямцоў, старшыня Камітэта замежных справаў Сената Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч, старшыня Камітэта па пытаннях еўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны Барыс Тарасюк, віцэ-спікер парламента Грузіі Гігі Цэрэтэлі, кіраўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі ды іншыя.
У выніковай рэзалюцыі некаторыя пункты датычылі Беларусі, адзначае "Хартыя'97". Так, удзельнікі канферэнцыі падтрымалі вылучэнне праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру. Яны заклікалі беларускія ўлады дазволіць палітычным партыям і грамадзянскай супольнасці ладзіць мітынгі і мець доступ да СМІ, а таксама вызваліць палітвязняў і спыніць катаванні.
Удзельнікі мерапрыемства выказалі падтрымку ЗША і Еўрасаюзу за ўзмацненне палітычных і эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму.
Фота — charter97.org