Палкоўніка Пацеева завочна асудзілі ў Расіі
Маскоўскі акруговы ваенны суд прызнаў яго вінаватым у здрадзе і дэзертырстве.
Нагадаем, былога афіцэра Службы вонкавай разведкі Расіі Аляксандра Пацеева абвінавацілі ў правале групы расійскіх шпіёнаў-нелегалаў у ЗША. Сярод іх была ўжо славутая Ганна Чапман.
Паводле прысуду, піша "Московский комсомолец", Пацееў раскрыў ЗША звесткі, якія з'яўляюцца дзяржтаямніцай. Акрамя таго, ён як вайсковец ухіліўся ад нясення службы.
Абвінавачанне кажа, што Пацееў выехаў у Беларусь па агульнаграмадзянскім пашпарце. Потым з дапамогай амерыканскіх спецслужбаў па падробленых дакументах ён выехаў спярша ў Нямеччыну, а затым у ЗША, дзе хаваецца дагэтуль. Злучаныя Штаты не выдаюць яго Расіі.
Нагадаем, раней паведамлялася, што Пацееў нарадзіўся ў Мінску і нават нейкі час служыў у КДБ Беларусі. Беларуская спецслужба, аднак, не пацвярджае гэтыя звесткі.