Памёр былы прэм'ер Ізраілю – ураджэнец беларускіх Ружан

Ён нарадзіўся у 1915 годзе ў Ружанах, у цяперашняй Гродзенскай вобласці. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну. Яго бацькі засталіся ў Польшчы і былі забітыя падчас нацысцкай акупацыі.

Пасля стварэння ў 1948 годзе дзяржавы Ізраіль Шамір некаторы час займаўся прыватным бізнесам. У 1955 годзе быў запрошаны ў выведку "Масад", дзе працаваў цягам 10 гадоў.

Кар'еру палітыка Шамір пачаў у 1969 годзе, уступіўшы ў папярэдніцу правай партыі "Лікуд". У 1973 годзе ён стаў дэпутатам парламента ад "Лікуда", а ў 1977 годзе заняў пасаду спікера Кнэсету. У 1983 годзе Шамір стаў лідарам партыі "Лікуд", у тым самым годзе ён упершыню заняў пасаду прэм'ер-міністра. Усяго Шамір двойчы ўзначальваў кабінет міністраў — у 1983-1984 і ў 1986-1992 гадах, стаўшы восьмым і дзясятым прэм'ер-міністрам у гісторыі Ізраіля, нагадвае Радыё Свабода.

З сярэдзіны 1990-х гадоў Іцхак Шамір практычна не з’яўляўся на публіцы: у яго была хвароба Альцгеймера.