Парламент Беларусі будзе ігнараваць Парламенцкую асамблею Еўранэст
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Нагодай, як інфармуе БЕЛТА, сталі падпісаныя 3 траўня ўстаноўчыя дакументы Парламенцкай асамблеі Еўранэст.
Беларускія дэпутаты заявілі, што шкадуюць пра вынікі сустрэчы па стварэнні Еўранэсту, якая адбылася 3 траўня ў Еўрапарламенце. Удзельнікі гэтага мерапрыемства, лічаць у Беларусі, праігнаравалі прынцып роўнага ўдзелу ўсіх краін-партнёраў, бо ўстаноўчыя дакументы Еўранэст былі падпісаныя без удзелу Беларусі.
Беларускія дэпутаты заяўляюць, што створаная такім чынам Парламенцкая асамблея Еўранэст фактычна ператвараецца ў прыладу палітычнага ціску. Таму Нацыянальны сход Беларусі "не лічыць сябе абавязаным улічваць або прымаць да ўвагі яе пазіцыю".