Партыя БНФ заяўляе аб пагрозе незалежнасці Беларусі
"Крэмль і блізкія да яго алігархі атрымалі найлепшую за апошнія некалькі гадоў магчымасць рэалізацыі сваіх планаў ў адносінах да Беларусі", - гаворыцца ў заяве
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі і знешнепалітычнае становішча вакол яе пасля 19 снежня 2010 года ствараюць істотную пагрозу эканамічнай і палітычнай незалежнасці беларускай дзяржавы. Пра гэта гаворыцца ў заяве Партыі БНФ "Аб пагрозе незалежнасці Беларусі", прынятай 21 траўня на пасяджэнні сойма, паведамляе БелаПАН.
У заяве падкрэсліваецца, што беларускаму грамадству амаль невядомы змест перамоў і дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя паміж беларускімі ўладамі і Крамлём у апошнія месяцы. "Аднак відавочна, што ў абмен на палітычную падтрымку і закрыванне вачэй на наяўнасць палітзняволеных Крэмль патрабуе продажу расійскім уласнікам найбольш эфектыўных беларускіх прадпрыемстваў і аб'ектаў інфраструктуры", — гаворыцца ў заяве.
Сойм Партыі БНФ мяркуе, што продаж у непразрыстых умовах расіянам беларускіх прадпрыемстваў і аб'ектаў інфраструктуры "катэгарычна супярэчыць нацыянальным інтарэсам і ставіць пад пагрозу незалежнасць Беларусі".