У Лондане ліса напала на немаўля
Інцыдэнт адбыўся 9 лютага: драпежны звер прабраўся ў дом, дзе знаходзілася чатырохтыднёвае дзіця.
Паводле словаў паліцыянтаў, немаўля атрымала даволі сур’ёзныя траўмы.
Маці дзіцёнка ў той момант знаходзілася дома і пачула жахлівы крык. Калі яна прыбегла ў пакой, то ўбачыла, што ліса сцягнула дзіця з калыскі на падлогу і ўгрызлася зубамі ў руку. Медыцынскую дапамогу немаўляці аказалі на месцы, затым дзіця даставілі ў лякарню.
Выпадак меў вялікі розгалас у брытанскіх СМІ. Мэр Лондана Борыс Джонсан заявіў, што праблему гарадскіх лісаў трэба вырашаць.
“Сустрэць лісу ў горадзе — некаму, можа быць, прыемна і рамантычна, але нельга забываць, што лісы — гэта шкоднікі і разносчыкі заразы”, — прыводзіць словы Джонсана ВВС.
Падобныя выпадкі былі ў Лондане і раней: у 2010 годзе ліса напала на дзвюх маленькіх дзяўчынак, калі яны спалі дома, і пакалечыла іх.