Паштоўкі салідарнасці дайшлі да палітвязняў

Напярэдадні 25 сакавіка бялыніцкія сябры руху БНФ "Адраджэнне" і кампаніі "Гавары праўду!" даслалі палітвязням больш за пяцьдзесят паштовак з найлепшымі пажаданнямі і словамі падтрымкі.

"Я асабіста атрымаў 2 красавіка два лісты ад палітвязняў, - распавядае старшыня Бялыніцкай раённай арганізацыі руху БНФ "Адраджэнне" Барыс Вырвіч. - Дайшоў ліст ад палітзняволенага яшчэ да аднаго з нашых сяброў. Гэта сведчыць пра тое, што палітвязні атрымалі нашы паштоўкі, што мяне вельмі радуе. Справа ў тым, што ў студзені мы ўжо дасылалі некалькі дзесяткаў паштовак і лістоў палітзняволеным у межах кампаніі салідарнасці, але тады ніхто з актывістаў не атрымаў лістоў у адказ. Шмат з тых паштовых адпраўленняў вярнулася, не дайшоўшы да адрасатаў".

Дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна збіраюцца і найдалей працягваць рэгулярнае ліставанне з палітзняволенымі. Яны лічаць, што такая праява салідарнасці вельмі важная для падтрымкі людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".