Пасля дэвальвацыі Турцыя падаражэла на 9 мільёнаў рублёў
Пра кошт пуцёвак у рублях у турфірмаў ужо нават і не пытаюцца
Еўрарадыё высвятляла, якія курсы валют зараз у інтэрнэт-крамах, турфірмах і авіякампаніях.
“Алатан-тур” прапанаваў карэспандэнту Еўрарадыё 10-дзённы адпачынак на дваіх у 4-зоркавым гатэлі ў Антал'і за 1600-1700 долараў. Курс такі ж, як і быў два тыдні таму, — 8500 рублёў за долар. У рублях гэта крыху болей за 14 мільёнаў. Месяц таму такая пуцёўка абышлася б амаль у тры разы танней — у 4 мільёны 950 тысяч рублёў. У рублях Турцыя падаражэла больш як на 9 мільёнаў!
Паводле супрацоўніцы турфірмы, курс валют можа вагацца ў залежнасці ад накірунку. Калі ляцець у тую ж Турцыю, але ў Кушадасы, то курс долара будзе 7000 рублёў.
За адпачынак у Балгарыі, Чарнагорыі ці Грэцыі можна разлічыцца еўра ці рублямі па курсе 9835 рублёў за еўра.
11 дзён за дваіх у Грэцыі ў 3-зоркавым гатэлі, з харчаваннем па еўрапейскай сістэме (сняданак-вячэра) абыдуцца ў 1300 еўра. У рублях — меней за 13 мільёнаў: нават танней за адпачынак у Турцыі.
У "Сольвейк-тур" курс на ўсе накірункі фіксаваны: 8500 рублёў за долар і 10500 рублёў — за еўра. Супрацоўніца кажа, што пасля невялікага перапынку людзі зноў пачалі звяртацца. Пакуль набываюць пуцёўкі толькі за валюту.
“Не так шмат, але людзі прыходзяць. Усё адно хочуць адпачываць. У рублях пуцёўкі не набываюць і нават не пытаюцца, таму што нявыгадна. Уявіце, колькі трэба пераплачваць у рублях: гэта можна застацца жабраком. Быў перыяд, калі людзі нечага чакалі, зараз крыху супакоіліся і зразумелі, што трэба ехаць куды-небудзь.”
У інтэрнэт-краме “Мабілайн”, што гандлюе мабільнікамі, 2 тыдні таму долар каштаваў 6000 рублёў. Зараз амерыканская валюта падаражэла, але нязначна — 6200 рублёў.
У інтэрнэт-краме лічбавай тэхнікі gigant.by курс долара трымаецца на ўзроўні 6200 рублёў ужо цягам двух тыдняў.
Супрацоўнік кажа, што асноўная частка пакупак робіцца ў рублях — курс задавальняе ўсіх.
“Быў невялікі заняпад, а цяпер людзі пачынаюць набываць тавары болей. Прыкладна тыдзень ужо. Людзі пазбаўляюцца ад рублёў ці ўсё становіцца на свае месцы. Будзем працаваць, пакуль штосьці прадаецца. Нешта загадваць зараз цяжка.”
У “Турэцкіх авіялініях” еўра патаннеў на 1700 рублёў. Калі 2 тыдні таму курс тут быў 12500 рублёў за еўра, то цяпер — 10800 рублёў. У той жа час у нацыянальнай кампаніі “Белавія” наадварот — валюта аб'яднанай Еўропы падаражэла: 2 тыдні таму еўра каштаваў 6960 рублёў, а цяпер — 7300 рублёў.
А вось на сайце aw.by, што спецыялізуецца гандлем аўтазапчастак, еўра патаннеў амаль на 5 тысяч рублёў. Узмацняльнік тормазу для Audi A4, што каштуе 25,3 еўра, два тыдні таму абыйшоўся б у 310 000 тысяч рублёў (курс еўра — 12280 рублёў). Зараз прыйдзецца заплаціць на 30 працэнтаў меней — 220 000 рублёў паводле курсу 8700 рублёў за еўра.
|
цяпер |
2 тыдні таму |
4 тыдні таму |
|
|
Інтэрнэт-крамы |
6200 |
6000 |
4000-4200 |
|
Нацбанк |
4981 |
4 930 |
3061 |
|
Латвійскі банк Rietumu |
7600 |
рубель зняты з канвертацыі |
5350 |
|
Турфірмы |
8500 |
8500 |
5000-5500 |
|
Крама аўтазапчастак aw.by* (еўра) |
8700 |
12280 |
7100 |
Фота: hotelaqua.com